ФАРАДЭ́Я ЗАКО́НЫ электролізу,

два асноўныя законы электролізу, якія паказваюць сувязь паміж эл. зарадам, што прайшоў праз электраліт, перанесенай пры гэтым масай і хім. прыродай рэчыва. Устаноўлены М.Фарадэем у 1833—34.

1-ы Ф.з.: маса m рэчыва, што вылучылася на электродзе пры электролізе, прама прапарцыянальная эл. зараду, які прайшоў праз электраліт. 2-і Ф.з.: масы розных рэчываў, што вылучаюцца адным і тым жа эл. зарадам, прапарцыянальныя хімічным эквівалентам рэчываў. Гэта азначае, што для вылучэння 1 моль розных рэчываў неабходны аднолькавы эл. зарад (гл. Фарадэя пастаянная). Матэматычна Ф.з. можна запісаць адным ураўненнем: m = (A/F)q = kq, дзе A — хім. эквівалент, F — пастаянная Фарадэя, k =A/F — электрахім. эквівалент. Ф.з. выкарыстоўваюцца для вызначэння хім. эквівалентаў рэчываў, вымярэння эл. зараду іонаў і інш.

т. 16, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)